Стихотворение «ТАЕМНЫ СВЕТ ГУКАЎ»

ТАЕМНЫ СВЕТ ГУКАЎ
Пра ўсмешкі кветак, золата на нівах
Вяселкавую зыркую дугу,
Пялесткаў замець, бляск вачэй зычлівых –
Цяпер я толькі ўспамінаць магу.
Затое шчыра ўдзячны я нябесам
За здольнасць слухаць дзіўных гукаў свет…
Я чую, як нашэптваюць бярозам
Дубы і клены вечны свій сакрэт.
Яшчэ я чую, як рака ўздыхае,
Што так далека мора-акіян,
Як знічкі рассыпае ноч глухая,
Як смокча вільгаць з поплава туман.
Таксама чую, як густыя хмары
Паўзуць і шаргацяць па-над зямлей,
Як полымя зяленага пажару
Шугае цудадзейнаю парой.
На ранку мне чуваць, як промні сонца
Пяшчотна дакранаюцца да шкла,
Як тчэцца павуцінне на красенцах
Апошняга асенняга цяпла.
Выразна чую, ідучы па полю,
Як між сабой гамоняць каласы,
Таемны звон крынічкі, што пры доле,
З мінулага нясе мне галасы.
Заўседы чую музыку кахання,
Што льецца з сэрца дарагога мне.
І веру, што гучаць не перастане
Яна ніколі, хай аж век міне.
Магу я чуць і пералівы росаў,
І перазовы кропель дажджавых…
Не, гэта мне не мрояцца дзівосы –
А патанчэў, хутчэй за ўсе, мой слых.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *