Стихотворение «Хараство»

ХАРАСТВО
Нас п’яніла чаромха, дурманіў язмін,
Зачароўвалі беллю карункі.
Зачароўвалі беллю карункі рабін,
Гронкі бэзу прасіліся ў рукі.
Салаўі рассыпалі крышталь над ракой,
Зоркі ў ранні на луг ападалі,
Зоркі ў ранні на луг ападалі расой,
Беглі полем рахманыя хвалі…
Хараства столькі бачылі мы ў першы раз,
Не было, пэўна, гэткіх і веснаў,
Не было, пэўна, гэткіх і веснаў да нас
Пад адвечным блакітам нябесаў.
Мы блукалі з табой і ніяк не маглі
Наталіцца квітнеючым дзівам,
Наталіцца квітнеючым дзівам зямлі,
Што звязала нас лёсам адзіным.
Паланёныя казкай тых дзен веснавых,
Мы дагэтуль не можам забыцца,
Мы дагэтуль не можам забыцца на іх,
Бо там нашых пачуццяў крыніца.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *